САЛАВЕ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́,

група астравоў у Белым м., пры ўваходзе ў Анежскую губу, у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 347 км². Складзены з 6 а-воў: Салавецкі, Анзерскі, Вял. і Мал. Муксалма, Вял. і Мал. Заяцкія. Берагавыя лініі моцна зрэзаныя. Складзены з гранітаў, гнейсаў. Рэльеф узгорысты, выш. да 107 м (г. Галгофа на в-ве Анзерскі). Каля 500 азёр, частка якіх злучана каналамі. Хваёвыя лясы, часткова забалочаныя. На Салавецкім в-ве размешчаны ансамбль Салавецкага манастыра (засн. ў 15 ст.). Каля яго, а таксама на інш. астравах размешчаны былыя скіты, культавыя, жылыя і гасп. пабудовы 16—19 ст. У 1923—39 на С.а. размяшчаліся Салавецкія лагеры асобага прызначэння (у 1937 перайменаваны ў Салавецкую турму асобага прызначэння). Гіст.-культ. і прыродны ансамбль С.а. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)